Улетку 2017 года завершана і прэзентавана інтэрнэт-старонка www.gudija.lt. Там публікуюцца фрагменты першай гісторыі Беларусі на літоўскай мове, якую зараз рыхтуе Русціс Камунтавічус. Кожны месяц таксама з’яўляюцца аналітычныя тэксты пра палітыку і культуру Беларусі, падрыхтаваныя беларускім палітолагам Андрэем Казакевічам і супрацоўнікам цэнтра Чэслава Мілаша універсітэта Вітаўта Вялікага Томашам Блашчакам.
Швейцарыя і ВКЛ: мастацтва і архітэктура
Улетку 2017 года завершана і прэзентавана інтэрнэт-старонка www.lugano.lt. Гэта самы вялікі літоўскі сайт, прысвечаны мастацтву і архітэктуры Вялікага княства Літоўскага, а таксама гістарычным сувязям Літвы і Швейцарыі.
Міжнародная канферэнцыя ў Адэсе «Сацыяльна-палітычныя змены ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе (1917-2017)».
Інстытут Усходняй Еўропы Варшаўскага універсітэта, Адэскі нацыянальны універсітэт ім. І.I. Мечнікава і Інстытут ВКЛ у чэрвені 2017 года арганізавалі міжнародную канферэнцыю, у якой прынялі ўдзел дзесяткі навукоўцаў з Еўропы і Злучаных Штатаў Амерыкі. Праграма.
Міжнародная канферэнцыя ў Мінску «Эвалюцыя ці дэвальвацыя: праблема дэмакратычнага парадку ва Усходняй Еўропе»
25-27 мая 2017 года у пасольстве Літоўскай Рэспублікі ў Мінску адбылася канферэнцыя, прысвечаная рэгіёну Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Галоўны арганізатар – Інстытут “Палітычная сфера”, Інстытут ВКЛ з’яўляецца адным з арганізатараў гэтай ўжо традыцыйна штогадовай акадэмічнай падзеі. Праграма.
Узнагарода імя Ежы Гедройца для Інстытута Вялікага Княства Літоўскага
Інстытут Вялікага Княства Літоўскага (Коўна, Літва), а таксама пісьменнік і паэт Томас Венцлава сталі лаўрэатамі пятнаццатай прэміі імя Ежы Гедройца. Рэдакцыя вядомай польскай газеты “”Rzeczpospolita” штогод уручае прэмію асобам і інстытуцыям, якія працуюць на ўмацаванне добрых стасункаў Польшчы з дзяржавамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Гэтым разам журы адышло ад традыцыі надаваць узнагароду палякам і адзначыла асобу і інстытут з Літвы.
Урачыстасці надання ўзнагароды прайшлі ў Варшаве 1 снежня.
Як падкрэсліла сакратар журы Ганна Ваўроўска, Інстытут ВКЛ адзначаны “за выкананне місіі, якая спрыяе распаўсюджванню на землях сучаснай Літвы, Беларусі, Украіны і Польшчы спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, асабліва традыцыі суіснавання культур моваў, рэлігій і народаў”.
“Інстытут прыналежыць да традыцыі, якая нагадвае песню забытага свету і гучыць як успамін пра Аркадыю, бо адносіцца да свету добрага сужыцця розных моў, культур, рэлігій і народаў” – казаў прафесар Ян Маліцкі, дырэктар Інстытуту Усходняй Еўропы Варшаўскага Універсітэту. – “Польскае журы адзначыла, што падтрымка ідэй, якіх прытрымліваецца Інстытут Вялікага Княства Літоўскага, адпавядае інтарэсам польскай дзяржавы. Польшча мае патрэбу ў супрацоўніцтве і саюзных стасунках у рэгіёне. А польска-літоўскія адносіны мусяць быць нармалізаваныя, бо ёсць нешта грэшнае ў тым, што настолькі гістарычна і геаграфічна блізкія народы, нават перад пагрозамі сучаснага свету, яшчэ не стварылі шчыльнага саюзу.”
Узнагароду імя Ежы Гедройца рэдакцыя “Rzeczpospolitej” заснавала ў 2001 годзе, у першую гадавіну смерці рэдактара і стваральніка “Культуры” і Літаратурнага інстытуту ў Парыжы. Узнагароду могуць атрымаць асобы ці інстытуцыі, што ў сваёй дзейнасці кіруюцца прынцыпамі, якіх прытрымліваўся Ежы Гедройц. Іх характэрная асаблівасць – бескарысны клопат пра грамадскія інтарэсы і культываванне добрых стасункаў Польшчы з народамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
Кніга, прысвечаная гісторыі сувязяў Літвы і Швейцарыі
У пачатку 2017 года апублікавана кніга «Літва і Швейцарыя: 15 000 гадоў адносін. Храналагічны агляд». Аўтар – Юдзіт Левоніг, у супрацоўніцтве з Русцісам Камунтавічусам. Гэта першая комплексная праца, якая прысвечана гісторыі сувязяў Літвы і Швейцарыі. Кніга была выдадзена на дзвюх мовах: літоўскай і нямецкай.