Феномен Вялікага княства Літоўскага, якое існавала болей чым 500 гадоў, да гэтага часу да канца не разгаданы. Гэта была дзяржава, дзе мірна суіснавалі многа народаў – літоўцы, палякі, беларусы, украінцы, рускія, яўрэі, татары, немцы і нават шатландцы. У адрозненне ад тагачаснай Заходняй Еўропы тут не было праследаванняў па нацыянальнай ці моўнай прыкмеце. Акрамя гэтай унікальнай талерантнасці і мастацтва сужыцця, развівалася таксама грамадская супольнасць са сваімі свабодамі і дэмакратычнымі традыцыямі, якая не мае аналагаў. Блізка 10 працэнтаў грамадства гатовыя былі бясплатна змагацца за Айчыну, мелі права выбіраць і быць абранымі ў Сойм, альбо – прэтэндаваць на трон. У якой яшчэ еўрапейскай краіне была такая даволі вялікая група грамадзян, якая мела права голасу і вельмі актыўна ўдзельнічала ў палітычным жыцці?
Створаныя ў XX ст. дзяржавы – Літва, Польшча і Беларусь – кожная па свойму прыўлашчвала па кавалку спадчыны ВКЛ, ігнаруючы шматпланавую і нязвыкла складаную прыроду гэтага дзяржаўнага ўтварэння. На працягу гэтых ста гадоў забыта пра тое, што з’яўляецца найлепшым у спадчыне ВКЛ – традыцыі свабоды, дэмакратыі, грамадзянскасці, сужыцця культур і талерантнасці. Магчыма, сёння, калі ў прасторы Еўрапейскага Саюзу паўстаюць новыя формы палітычнага і культурнага сужыцця, глабалізацыя прымушае шукаць асобнасць і духоўныя асновы, і разам з тым павялічваецца прорва паміж светапоглядамі, узнікаюць штораз болей ахоўваемыя фізічныя межы, якія аддзяляюць ад нашых усходніх суседзяў, зварот да спадчыны ВКЛ можа стацца чарговай спробай знайсці адказы на трывожачыя пытанні.
26 лістапада 2009 г. у Каўнасе быў створаны Інстытут Вялікага княства Літоўскага. Асноўнай мэтай гэтай публічнай інстытуцыі, дзеючай non profit, з’яўляецца клопат пра спадчыну ВКЛ, яе даследаванне i прапаганда. Для яе дасягнення наладжаны інтэнсіўныя кантакты з дзяржаўнымі і недзяржаўнымі арганізацыямі Літвы, Польшчы, Беларусі, Украіны і іншых краін, рыхтуюцца культурніцкія, адукацыйныя і навуковыя праекты.
У Інстытуце развіваецца вельмі важны беларускі накірунак. Створана і пастаянна абнаўляецца адзіная ў Літве інтэрнэт-старонка, прысвечаная гісторыі і актуальным падзеям суседняй краіны – www.gudija.lt. З 2011 года разам з партнёрамі з розных краін праводзіцца Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі www.icbs.lt, які стаў самай важнай штогадовай незалежнай акадэмічнай падзеяй Беларусі. Ажыццяўляецца пастаяннае супрацоўніцтва ў галіне навуковых і студэнцкіх абменаў, арганізацыі летніх школ, публічных лекцый і іншых падобных падзей. Інстытут ВКЛ адзін з выдаўцоў англамоўнага беларускага часопіса па палітычным навукам Belarusian Political Science Review.
У супрацоўніцтве з вядомымі польскімі інтэлектуальнымі цэнтрамі ў Варшаве, Кракае, Уроцлаве, Любліне і іншых гарадах пры ўдзеле прадстаўнікоў Інстытута ВКЛ была заснавана прэмія Ю. Бардаха, якая надаецца кожныя два гады за лепшую навуковую працу прысвечаную гісторыі і спадчыне ВКЛ. У 2015 годзе ў Варшаве Інстытуту Вялікага Княства Літоўскага была нададзена прэстыжная прэмія Е. Гедройца “за выкананне місіі, якая спрыяе распаўсюджванню на землях сучаснай Літвы, Беларусі, Украіны і Польшчы спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, асабліва традыцыі суіснавання культур, моваў, рэлігій і народаў”.
Іншыя доўгатэрміновыя праекты Інстытута звязаны з перакладамі, арганізацыяй навукова-папулярных і акадэмічных імпрэз. Сярод іх варта асабліва адзначыць пераклад Трэцяга статуту ВКЛ на літоўскую мову www.3statutas.lt. У 2017 годзе створана самая вялікая інтэрнэт-старонка прысвечаная мастацтву і архітэктары ВКЛ www.lugano.lt, таксама было падрыхтавана некалькі кніг, прысвечаных гістарычным стасункам Літвы і краін Заходняй Еўропы – Швейцарыя і Аўстрыя.