18 лютага 2019 года ў Прыкарпацкім нацыянальным універсітэце імя В.
Стэфаніка (Івана-Франкоўск, Украіна) адбылася арганізаваная Інстытутам
Вялікага Княства Літоўскага прэзентацыя кніг. Прафесар Аляксандр
Смалянчук (Гродна) прадставіў выдадзеную ў 2018 годзе кнігу “Раман
Скірмунт (1868-1939): біяграфія грамадзяніна краю”, прысвечаную аднаму
з найбольш значных прадстаўнікоў “краёвай” ідэй у Беларусі. Вядомы
украінскі гісторык Вольга Кавалеўская (Кіеў) прадставіла сваю кнігу,
выдадзеную ў бягучым годзе, “Таямніцы казацкіх партрэтаў”. Выданне
прадстаўся дзесяць нарысаў з гісторыі старажытнай і сучаснай
іканаграфіі вядомых украінскіх гетманаў, палкоўнікаў, сотнікаў, а
таксама іх мацярэй і жонак. Пад час прэзентацыі адбылася дыскусія, у
якой узялі ўдзел прафесар Эгідыюс Александравічус (Каўнас) і доктар
Андрэй Казакевіч. Мадэратарам падзеі выступіў Міраслаў Валашчук
(Івана-Франкоўск).
Ольга Ковалевська, «Таємниці козацьких портретів», Кыïв 2019
Выданне прадстаўся дзесяць нарысаў з гісторыі старажытнай і сучаснай іканаграфіі вядомых украінскіх гетманаў, палкоўнікаў, сотнікаў, а таксама іх мацярэй і жонак. У захапляльнай форме чытачам прапаноўваецца даведацца, які з захаваных партрэтаў дэманструе нам сапраўднага Івана Мазэпу, задумацца над тым, ці сапраўды Пётр Дарашэнка выглядаў так, як яго малявалі мастакі, даведацца, чаму Івана Самойлавіча выяўлялі з заплюшчанымі вачыма, высветліць, якім сапраўды быў Іван Гонта, уявіць, як павінна была выглядаць на партрэце паважаная гетманша ці палкоўніца, а таксама даведацца, чаму адбываліся падмены асоб, што маляваліся на партрэтах.
Кніга адрасаваная навукоўцам, выкладчыкам, студэнтам, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй ды культураю казацкага часу і гатовы пабачыць мінулае Украіны праз прызму захапляльных гісторый партрэтаў яе выдатных дзеячаў.
Выдавецтва: «Кліо»: http://www.clio.in.ua
VIII Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі адбудзецца ў Вільні 27-29 верасня 2019 года
Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» абвяшчае даты і месца правядзення VIII Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі. Галоўная беларуская акадэмічная падзея адбудзецца 27-29 верасня 2019 года ў Вільні. Асноўным акадэмічным партнёрам Кангрэса выступіць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ).
Традыцыйна на Кангрэс збяруцца звыш 500 навукоўцаў і экспертаў з Беларусі і замежжа, чакаюцца дыскусіі і прэзентацыі, а таксама наданне Прэміі за найлепшыя навуковыя публікацыі і студэнцкія працы па вынікам 2018 года.
Дырэктар Інстытута «Палітычная сфера» д–р Андрэй Казакевіч адзначае: «Рады запрасіць даследчыкаў, партнёраў і гасцей з усяго свету на 8-мы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Вільню. Гэта ўнікальная магчымасць далучыцца да самай вялікай навуковай і экспертнай падзеі, прысвечанай Беларусі, і прадставіць вынікі сваёй працы сотням беларускіх і замежных удзельнкаў. Дзякуючы партнёрству з нацыянальнымі, рэгіянальнымі і глабальнымі асяродкамі, Кангрэс прадстаўляе выдатную магчымасць для ўсталявання новых прафесійных сувязяў, абмеркавання праектаў, абмену ідэямі і досведам».
Па словах Рэктара ЕГУ праф. Сяргея Ігнатава: «Супольнасць ЕГУ усцешана тым, што наш універсітэт выступіць асноўным акадэмічным партнёрам VIII Кангрэса даследчыкаў Беларусі. Новы корпус ЕГУ, які месціцца ў будынку былога Аўгустынскага кляштара ў Вільні, будзе рады прыняць навукоўцаў, якія займаюцца даследаваннямі Беларусі і ўсяго рэгіёна. Мы ўпэўненыя, што дзякуючы незалежным даследаванням ў сацыяльных і гуманітарных навуках ды мастацтвах адбываецца інтэграцыя Беларусі ў еўрапейскую інтэлектуальную прастору».
Акадэмічнымі партнёрамі таксама выступяць Універсітэт Вітаўта Вялікага, Інстытут Вялікага Княства Літоўскага і шэраг іншых акадэмічных устаноў. Плануецца, што частка імпрэз Кангрэса адбудуцца ў Ратушы і іншых месцах Старога горада Вільні. Партнёрам Кангрэса з’яўляецца Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі.
Першы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі адбыўся ў 2011 годзе. З 2011 па 2016 гады Кангрэс праходзіў у Коўне, у 2017 годзе — у Варшаве. У 2018 па тэхнічных прычынах Кангрэс не змог адбыцца ў Мінску, і было прынята рашэнне пра перанос 8-ага Кангрэса на 2019 год.
Папярэдні план падрыхтоўкі Кангрэса
2. Збор намінацый на прэмію кангрэса – да 10 красавіка 2019 года. Збор заявак адкрываецца 10 лютага.
3. Дэдлайн для збора індывідуальных заявак – да 20 траўня 2019 года. Збор заявак адкрываецца 20 сакавіка.
4. Размеркаванне субсідый на пражыванне і транспарт – да 5 чэрвеня 2019 года.
5. Вызначэнне фінальнага спісу секцый на падставе збору індывідуальных заявак – 10 чэрвеня 2019 года.
6. Рассылка індывідуальных запрашэнняў – да 25 чэрвеня 2019 года. Да 10 ліпеня ўдзельнікі мусяць пацвердзіць свой удзел.
7. Папярэдняя праграма кангрэса — 5 жніўня 2019 года.
Сайт: http://icbs.palityka.org
Пошта: icbs@palityka.org
Кантактныя асобы для медыя:
д-р Андрэй Казакевіч, інстытут «Палітычная сфера», kazakevich@palityka.org
Максімас Мілта, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, [email protected]
Канферэнцыя «Вялікае княства Літоўскае паміж Люблінам і Гроднам (1569-1697): траекторыі развіцця дзяржавы і грамадства» 3
Першы Грамадскі форум Літвы і Беларусі «Што нас аб’ядноўвае?» (26–27 кастрычніка 2018 года, Клайпеда)
Літва і Беларусь – гэта не толькі краіны-суседзі. Народы гэтых дзяржаў, акрамя гісторыі, якая сягае сваімі каранямі ў старажытныя часы, аб’ядноўваюць шырокамаштабныя эканамічныя і культурныя сувязі. Літоўцы жывуць у Беларусі, і беларусы пражываюць у Літве. Асаблівую сувязь паміж краінамі пацвярджаюць супольныя народныя сімвалы, такія як гістарычная сталіца Вялікага Княства Літоўскага – Вільня. Жыхарам гэтых краін дарагія агульныя гістарычныя асобы: вялікі князь Вітаўт (Вітаўтас), князі Радзівілы, Касцюшка, Каліноўскі і многія іншыя. Многае паказвае, што грамадскія і міждзяржаўныя адносіны мусяць быць выдатнымі, але гэта не так.
Існуюць рознагалоссі з нагоды будаўніцтва беларускай АЭС у Астраўцы. Шмат хто ў Літве занепакоеныя пытаннем: ці ўдасца Беларусі захаваць сваю дзяржаву? Большасць літоўцаў крытычна ставяцца да палітычнага ладу Беларусі. У Беларусі, у сваю чаргу, многія насцярожана ўспрымаюць еўраатлантычную інтэграцыю Літвы, яе актыўную знешнепалітычную пазіцыю ў рэгіёне. Гэтыя вельмі складаныя пытанні ўплываюць на адносіны паміж краінамі, і наўрад ці палітыкам з абодвух бакоў удасца канчаткова дамовіцца.
На жаль, існуючыя праблемы сталі дамінаваць у двухбаковых стасунках. Акрамя іншага, шмат недамоўленасцяў узнікае па гістарычных тэмах, якія, на першы погляд, павінны аб’ядноўваць нацыі. Усё гэта не толькі ўскладняе палітычныя адносіны, але і перашкаджае развіццю сувязяў паміж інтэлектуаламі, дзеячамі культуры, бізнэсу і навукі.
Так не павінна быць. Не забываючы існуючых праблем, мы павінны імкнуцца шукаць пункты судакранання па агульных для нас пытаннях і праблемах. Пачатак дыялогу і наладжванне супрацоўніцтва на будучыню з’яўляецца галоўнай мэтай першага Грамадскага літоўска-беларускага форуму.
Місія форуму – пашырэнне нефармальнага, грамадзянскага дыялогу паміж Беларуссю і Літвой з мэтай абмеркавання перспектыў і праблем міждзяржаўнага супрацоўніцтва, паглыбленне ўзаемаразумення і павагі паміж краінамі ды народамі Літвы і Беларусі.
Арганізатарамі форуму выступаюць муніцыпалітэт горада Клайпеда, Клайпедскі ўніверсітэт, а таксама шэраг грамадскіх арганізацый і ініцыятыў: Форум дыялогу і супрацоўніцтва імя Ежы Гедройца, Інстытут Вялікага Княства Літоўскага, Інстытут “Палітычная сфера“.
Узнагарода Ю. Бардаха для даследчыкаў гісторыі і спадчыны Вялікага Княства Літоўскага
21 чэрвеня 2018 года ў Літоўскай нацыянальнай бібліятэцы імя Марціна Мажвідаса адбылося ўрачыстае наданне прэміі імя Юліуша Бардаха. Першую ўзнагароду атрымаў Лаўрынас Шядвідіс з Універсітэта Вітаўта Вялікага за абароненую ў 2016 годзе доктарскую працу “Падрыхтоўка кіруючых эліт Вялікага Княства Літоўскага да публічнага дзяржаўнага жыцця з пачатку XVI да сярэдзіны XVII стагоддзяў (навуковы кіраўнік прафесар Я. Кяўпене). Другое месца заняла абароненая ў 2017 годзе доктарская праца Вольгі Клецкінай з Беларускага дзяржаўнага універсітэту “Узнікненне і развіццё тэатру Радзівілаў у 1724-1810 гадах” (навуковы кіраўнік прафесар Н. Высоцкая). На трэцім месцы змясцілася абароненая ў 2017 годзе ў Ягелонскім універсітэце доктарская праца Войцэха Лыска “Праблема нацыянальнасці ва ўсходняй палітыцы прыхільнікаў пілсуцкага: фармаванне – эвалюцыя – спадкаемцы” (кіраўнік прафесар Г. Мазур).
Урачыстасць пачалася з выступу госця, прафесара Вітаўтаса Ландсбергеса, які падзяліўся сваімі ўспамінамі пра патрона ўзнагароды, яго ідэі і спадчыну. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел заснавальнікі Інстытута ВКЛ, а таксама члены навуковай рады: прафесар Універсітэта Вітаўта Вялікага Эгідыюс Александравічус, дырэктар Цэнтру Усходняй Еўропы Варшаўскага універсітэта Ян Маліцкі, прафесары Вармянска-Мазурскага універсітэта Дарыюш Шпопер і Пшэмыслаў Дамброўскі, прафесар Аляксандр Смалянчук з Гродна, рэктар Прыкарпацкага універсітэта імя В. Стэфаніка ў Івана-Франкоўске Ігар Цэпенда, дырэктар Інстытута гісторыі Літвы Рымантас Мікніс.
Ю. Бардах (1914-2010) быў выбітным даследчыкам Вялікага Княства Літоўскага, які глыбока вывучаў яго прававую, культурную і палітычную традыцыю. Узнагарода надаецца за найлепшыя доктарскія працы, якія аналізуюць праблемы культуры, права і дзяржаўнасці ВКЛ, яго спадчыну ці датычыцца гісторыі, палітыкі, права і культуры прынамсі двух дзяржаў зямель былога ВКЛ – Беларусі, Літвы, Польшчы ці Украіны.
Узнагарода імя Ю. Бардаха была заснавана Інстытутам ВКЛ і надаецца кожныя два гады. У 2014 годзе галоўную ўзнагароду атрымала праца Мікалая Таркоўскага з Гданьску “Адвакатура Вільні ў 1918-1939 гадах”. У 2016 годзе галоўная ўзнагарода была нададзена Сяргею Марозаву за працу “Ідэя адраджэння Вялікага Княства Літоўскага ў сацыяльна-палітычным жыцці Беларусі (канец XVIII ст. да пачатку XX стагоддзя).