1-10 ліпеня 2013 года Таварыства студэнтаў-гісторыкаў і кафедра гісторыі
Універсітэта Вітаўта Вялікага разам з Інстытутам ВКЛ арганізавалі летнюю
школу беларускай і літоўскай мовы і культуры. У Коўна прыехалі студэнты з
Полацка, якія вучылі літоўскую мову, студэнты з Коўна ў сваю чаргу вучылі
беларускую мову. Выкладчыкі з Беларусі і Літвы правялі лекцыі па
пытанням гісторыі і культуры абодвух краін, дзе разглядаліся падабенствы
і адрозненні ў падыходах да аднолькавых праблем.
Кніга, прысвечаная гістарычным сувязям Аўстрыі і Літвы
Увесну 2013 года выйшла кніга “Літва і Аўстрыя: гісторыя 2500-гадовых
стасункаў. Храналагічны агляд” (на літоўскай і нямецкай мовах)
аўстрыйскай аўтаркі Юдыт Левоніг. Выданне падрыхтавана ў супрацы з
Русцісам Камунтавічусам і Інстытутам ВКЛ. У гэтай кнізе ўпершыню
разглядаецца гісторыя культурных і палітычных сувязей паміж Літвой і
Аўстрыяй з найдаўнейшых часоў да сённяшніх дзён. Кнігу можна набыць за
35 літаў (+3 літы за перасылку па тэрыторыі Літвы) адправіўшы замову на
адрас [email protected], ці знайсці ў ковенскіх і віленскіх кнігарнях.
Узнагарода для прафесара Дарыюша Шпопэра
3 траўня 2013 года адзін з заснавальнікаў Інстытуту ВКЛ прафесар, доктар
габілітаваны Дарыюш Шпопэр быў узнагароджаны “Зоркай дыпламатыі
Літвы”. Гэта пачэсная ўзнагарода была нададзеная Міністэрствам замежных
спраў Літоўскай рэспублікі за ўнёсак ў навуковыя даследаванні супольнай
польска-літоўскай мінуўшчыны і памкненні да захавання гістарычнай
тоеснасці абодвух нацый.
Святкаванне юбілею паўстання 1863-1864 гг.
Вольныя стралкі Ковенскага павету ў супрацы з Інстытутам ВКЛ кожную
пятніцу ўлетку і восенню 2013 года роўна а 19-й гадзіне трыма залпамі з
копіі гарматы ХІХ стагоддзя ўшаноўваюць 150-гадовы юбілей
Студзеньскага паўстання. Цырымонія адбываецца на Ратушнай плошчы ў
Коўна 3, 10, 24, 31 траўня; 7 14, 28 чэрвеня; 5, 19, 26 ліпеня; 9, 30 жніўня;
6, 13, 20 верасня.
Наданне ўзнагароды імя Юліуша Бардаха
3 мая 2014 г. у Сейнах Інстытут Вялікага Княства Літоўскага ўручыць
узнагароду імя Юліуша Бардаха. Узнагарода была заснаваная ў 2013 годзе і
надаецца аўтарам лепшых магістэрскіх і дактаранцкіх працаў, якія
закранаюць праблемы дзяржаўнай, прававой і культурнай спадчыны
Вялікага Княства Літоўскага ў XIX-XX стст., альбо працам, якія аналізуюць
праблемы гісторыі як мінімум двух краін колішняга Вялікага Княства
Літоўскага – Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны.
Конкурс для школ
Гімназія Ковенскага тэхналагічнага універсітэта, Універсітэт Вітаўта
Вялікага і Інстытут ВКЛ заклікаюць усіх школьнікаў Літвы 10-12 класаў
прыняць удзел у Другім конкурсе эсэ Інстытута Вялікага Княства
Літоўскага.
1 этап. 5 верасня 2013 – 15 лістапада 2013. Дыстанцыйны конкурс
школьных эсэ
2 этап. 5 снежня – творчыя семінары, з удзелам прафесійных гісторыкаў,
фіналістаў конкурсу і іх настаўнікаў.